Валасы стаялі на галаве дыбам…

Вячаслаў Тамашавіч Буевіч упершыню даведаўся пра “сталінскія” расстрэлы ў лесе каля Хайсоў ад свайго бацькі, ва ўзросце дзесяці або адзінаццаці гадоў. Удвох з бацькам, ідучы з палявання, яны заходзілі на тое месца ў лесе, дзе расстрэльвалі людзей. Расстрэлы адбываліся да вайны. Бацька Вячаслава Тамашавіча бачыў іх на свае вочы. Схаваўшыся за дрэвам, ён назіраў за тым, што адбывалася ўначы на лясной паляне.

 

Ён казаў, што валасы стаялі на галаве дыбам ад гэтага відовішча, – прыгадвае Вячаслаў Тамашавіч.

 

Да вайны бацька Вячаслава Тамашавіча працаваў лясным аб’ездчыкам, і пачуў ад некага, што нейкія бандыты крадуць лес. Ён вырашыў адсачыць злодзеяў.

 

 – Глядзіць, машыны ідуць. Дзве машыны было. Спыніліся ў лесе, адтуль выйшлі людзі. Іх прымусілі выкапаць магілы, а потым расстралялі. Тых, каго не забілі адразу, дабівалі з пісталета. Потым на тым месцы, дзе іх закапалі, высоджвалі елкі,– распавядаў Буевіч-старэйшы..

 

Пасля вайны, калі бацька Вячаслава Тамашавіча паказваў яму месца расстрэлаў,  пахаванні можна было пазнаць па тым, што там правалілася зямля і ўтварыліся ямы.

 

Неяк ужо да самога Вячаслава Тамашавіча прыязджаў сваяк аднаго з забітых у тым лесе. Ён папрасіў паказаць месца, дзе адбываліся расстрэлы. Паводле ягоных словаў, там былі забітыя ягоны бацька і брат. Пра такія выпадкі, калі сваякі забітых шукалі месца іхнага пахавання, распавядалі і іншыя аднавяскоўцы.