Калі ў якасці месца расстрэлу пазначаны “Віцебск”, гэта мог быць Цёплы лес

Барыс Якаўлевіч Леганькоў, 1929 года нараджэння, працаваў у саўгасе “Вароны” з 1962 года. На працягу сямі гадоў ён быў там галоўным інжынерам. За гэты час яму давялося шмат чуць ад мясцовых жыхароў пра падзеі Другой Сусветнай вайны ў гэтых мясцінах, пра партызанскі рух.  Адначасова закраналася і тэма рэпрэсій перад вайной.

 

Напрыклад, Ходзькін Леанід з вёскі Паляі распавядаў, што паміж вёскамі Паляі і Вароны ў яры адбываліся расстрэлы рэпрэсаваных. Было гэта ў 1937 і 1938 гадах. Пазьней там быў усталяваны памятны знак, – прыгадвае Барыс Якаўлевіч.

 

З 1969 года Барыс Якаўлевіч працаваў у саўгасе “Віцебскі” у Заронаўскім сельсавеце Віцебскага раёна. Упершыню на новым месцы працы яму давялося пачуць пра расстрэлы ад Пашкевіча Антона, жыхара вёскі Міхалі, які працаваў трактарыстам-камбайнёрам у саўгасе “Віцебскі”. Ягоны бацька Пашкевіч Васіль працаваў да Вялікай Айчыннай вайны працаваў лесніком. Дзе адбываліся расстрэлы, у Цёплым лесе, ды ў іншых месцах, ён ведаў, і бачыў там сляды гэтых дзеянняў. Пра гэта Барысу Леганькову стала вядома ўжо ад ягонага сына Антона Пашкевіча, бо сам ён загінуў падчас савецка-фінскай вайны.

 

Барыс Якаўлевіч мяркуе, што імёны ахвяр расстрэлаў у Цёплым лесе ды іншых месцах непадалёк ад Віцебску могуць быць знойдзеныя ў кнігах “Памяць”, прысвечаных розным раёнам Віцебскай вобласці. На ягоную думку, можна лічыць, што калі ў якасці месца знішчэння рэпрэсаванага грамадзяніна пазначаны Віцебск, гэта мог быць і Цёплы лес. Варты асаблівай ўвагі, лічыць Барыс Якаўлевіч, выпадак, апісаны ў кнізе “Памяць” Гарадоцкага раёна, дзе сваячка аднаго з расстраляных даведалася дакладнае месца расстрэлу (праўда, невядома якім шляхам), і разам з іншымі сваячкамі паехалі на кані ў Цёплы лес, там яны знайшлі магілу, раскапалі яе і выцягнулі цела свайго сваяка. Ён быў распрануты, толькі ў ніжняй бялізне. Яны прывезлі яго ў Гарадоцкі раён і пахавалі ў той вёсцы, дзе ён быў старшынём калгаса.