Знішчэнне крыжоў – гэта ганьба

Аляксандр Цярэнцьевіч Максіменка нарадзіўся ў 1937 годзе непадалёк ад так званай “Віцебска-Суражскай брамы”,  дзе цяпер знаходзіцца вядомы мемарыял у памяць прарыву беларускімі партызанамі лініі фронта. Гэта Запольскі сельсавет былога Суражскага раёна.

У 1967 годзе Аляксандр Цярэнцьевіч  уладкаваўся шафёрам на Віцебскую птушкафабрыку, якая знаходзіцца каля вёскі Хайсы. Ён  жыў непадалёк ад  таго месца, дзе ў 1930-я гады адбываліся расстрэлы,  і дзе ў лесе, былі закапаныя целы расстраляных. Ягонае жытло – гэта так званая “казарма” каля чыгункі: дом быў падзелены надвое, на два гаспадары. У другой палове дома жыў Шунько Аляксандр, які і распавядаў Аляксандру Максіменку пра сталінскія рэпрэсіі. Ен казаў,  што як толькі пачалася вайна, штодня прывозілі людзей на расстрэл у лес каля Хайсоў. Іншыя вяскоўцы неаднаразова падкрэслівалі, што расстрэлы ў лесе каля Хайсоў адбываліся  яшчэ і да Другой Сусветнай вайны, у 1937-38 гады. Аднак не выключана, што ў гэтыя мясціны, апрача рэпрэсаваных,  маглі прывозіць на расстрэлы і  вязняў Віцебскай турмы, якіх, верагодна, знішчылі  у чэрвені 1941-га года.

 

У лістападзе 2014г. віцебскія грамадскія актывісты ўсталявалі некалькі крыжоў у лесе, дзе былі знойдзены невядомыя пахаванні. Але праз нейкі час некалькі крыжоў зніклі.

Аляксандр Цярэнцьевіч з абурэннем ставіцца да  знікнення крыжоў,  усталяваных грамадскімі актывістамі. Ён лічыць ганебным той факт, што афіцыйна не названыя тыя, хто нясе адказнасць за знішчэнне ні ў чым не павінных людзей, і што памяць ахвяраў на афіцыйным узроўні аніяк не ўшанаваная.